Banner

Дэкларацыя Вучэння Адзінага Храма #



Прадмова

Сапраўдная Дэкларацыя прызначана для ўсеагульнай звесткі. Яе задача — давесці да ведама ўсіх, як зацікаўленых, так і незацікаўленых, тое, які ёсць светапогляд Вучэння, яго стаўленне да некаторых важных аспектаў чалавечага жыцця і жыцця грамадства, яго прынцыпы і мэты. Ніжэй выкладаюцца па пунктах найважныя моманты, што тычацца гэтага. Выкладзенае выцякае з асноў і існасці Вучэння. Гэтыя палажэнні нязменныя, яны не залежаць ад бягучай сітуацыі і з’яўляюцца вызначальнымі для жыцця Вучэння ня толькі на сённяшні дзень, але і на будучыню. Яны прызнаюцца паслядоўнікамі Вучэння як выяўленне іх поглядаў, прынцыпаў, мэт і кіраўніцтва да дзеяння.


Частка 1

Наш светапогляд

1.1 Ісціна — гэта тое, што аб’ектыўна існуе. Гэта значыць сама рэальнасць. Яна адна, і яна такая, якая ёсць. Варыянтаў Ісціны не існуе. Яна не залежыць ад меркавання людзей. Іх аблуды скажаюць іх уяўленні аб ёй, але не змяняюць яе саму. Ісціна спазнавальная, і можа быць апісана ў той ступені, у якой гэта даступна чалавечаму інтэлекту. Дакладнае апісанне рэальнасці таксама завецца Ісцінай.

1.2 Ёсць вялікая бяскрайнасць, названая Быццём. Гэта не мелая пачатку і канцу ў часе бязмежная прастора, у якой існуе і часціцамі якой з’яўляецца ўсё, — у тым ліку, наш Сусвет. У ім дзейнічаюць чатыры Вялікія Пачаткі: Жыццёвае, Прагрэсіўнае, Добрае і Разумнае. Гэта асноўныя законы Быцця, з якіх паходзяць усе астатнія законы ў ім і ў яго часціцах. Таксама ў Быцці прысутнічае імпульс да разбурэння. Пераадольваючы яго, Быццё эвалюцыянуе, такім чынам падтрымліваючы сваё існаванне і жыццё ўсіх сваіх часціц.

1.3 Наш Сусвет — жывая і разумная істота, названая Творцам. Каб лепш спазнаць сябе і выйсці на новы ўзровень развіцця, ён ператварыў свой арганізм у Сусвет. Творца — не звышнатуральная істота: ён з’яўляецца плодам эвалюцыі, што ідзе ў яго свеце. Пэратварэнне яго ў Сусвет таксама не было звышнатуральным актам: ён змяніў сябе дзякуючы здольнасцям, здабытым падчас эвалюцыі. Сусвет мае тры ўзроўні, якія складаюцца з розных субстанцый і названыя светам Духу, светам энергіі і светам матэрыі. Першы адпавядае душы Творцы, другі — яго энэргетыцы, трэці — яго фізічнаму целу.

1.4 Эвалюцыя — галоўны закон як у Быцці, гэтак і ў нашым Сусвеце. Звышнатуральных сілаў няма; цудаў, што парушаюць натуральныя законы, не бывае. Тыя, каго ў Вучэнні завуць багамі, ці вышэйшымі элементаламі, гэта ўвасобленыя законы Прыроды, — гэта значыць функцыі арганізма Творцы. Гэтыя законы паходзяць са свету Духу і кіруюць жыццём двух іншых светаў. У свеце энергіі іх носьбіты ёсць свайго роду жывыя матрыцы, — энэргетычныя істоты, што валодаюць адмысловай формай свядомасці. Іх прызначэнне заключаецца ў тым, каб ужыццяўляць гэтыя законы належным чынам, і яны не могуць дзейнічаць насуперак прызначэнню. Іх мы і завем багамі.

1.5 Дабро і зло з’яўляюцца аб’ектыўнымі паняццямі і не залежаць ад меркавання людзей. Дабро — гэта тое, што ідзе на карысць Быццю і Сусвету, спрыяе іх эвалюцыі і працягу іх жыцця, а зло — тое, што гэтаму перашкаджае і вядзе да разбурэння. Праявай імпульсу да разбурэння ў нашым Сусвеце з’яўляецца вышэйшы элементал, названы Драконам. Ён стварае супраціў, пераадольваючы які Творца ўнутрана дасканаліцца.

1.6 Існуе дзве формы розуму: пасіўны, ці які захоўвае, і актыўны, ці які спазнае. Пасіўны розум уласцівы ўсяму ў Сусвеце; ён выяўляецца ў выглядзе інстынктаў. Актыўны розум таксама прысутнічае ўва ўсім, але ў выглядзе скрытага патэнцыялу. Ён выяўляецца толькі ў істотах, што дасягнулі пэўнага эвалюцыйнага ўзроўню. Такія істоты называюцца ўсведамляючымі, бо яны здольныя актыўна спазнаваць свет і сябе, усведамляць пазнанае, аналізаваць і асэнсоўваць інфармацыю, творча ўжываць атрыманыя веды. Толькі ўсведамляючыя маюць свабоду волі і могуць рабіць свядомы выбар.

1.7 У Сусвеце шмат відаў усведамляючых, — гэта значыць разумных рас, што ўзніклі на розных планетах падчас эвалюцыі. Праз іх выяўляецца розум Творцы, які гэткім чынам спазнае сябе і дасканаліцца. Людзі — адна з гэтых разумных рас. Усіх усведамляючых Сусвету яднае агульнае прызначэнне і адзін сэнс існавання.

1.8 Сутнасць ўнутранай эвалюцыі Творцы заключаецца ў дасканаленні Духу, — гэта значыць яго душы, што змяшчае яго розум і асабістыя якасці. У кожным усведамляючым прысутнічае часціца Духу, якую ён павінен удасканаліць праз спазнанне і маральны выбар. Часціца выходзіць са свету Духу і робіцца душой усведамляючага і асновай яго асобы, а дасягнуўшы максімальна магчымага ўзроўню развіцця вяртаецца ў свет Духу і зліваецца з іншымі часціцамі, што знаходзяцца там. Калі ўся душа Творцы пройдзе праз усведамляючых і стане больш дасканалай, Творца зазнае якасную змену і апынецца на новай ступені сваёй эвалюцыі. Аднак калі гэты працэс празмерна зацягнецца і не завершыцца ў тэрмін, Творца загіне. Такім чынам, яго далейшы лёс — гэта значыць лёс Сусвету — залежыць ад усведамляючых.

1.9 Сэнс існавання чалавека, як усведамляючага, — у дасканаленні Творцы. Кожны з нас адказны за часціцу яго душы, якую нясе ў сабе. Дзеля гэтага мы атрымліваем права на жыццё. Мы павінны працаваць над дасканаленнем Творцы; гэта завецца Вялікай Належнасцю. Дзве складальных гэтай працы — спазнанне і маральнасць. Мы спазнаем рэальнасць, спазнаем дабро і зло і робім шэраг маральных выбараў паміж імі. Калі чалавек робіць выбар на карысць дабру, ён тым самым дасканаліць сваю часціцу Духа, павялічвае яе якасць. Калі ён робіць выбар на карысць злу, яе дасканаленне запавольваецца.

1.10 Дасканаленне часціцы Духа — няпростая справа, якую практычна немагчыма выканаць за адно жыццё. Таму чалавек жыве шэраг жыццяў. Калі фізічнае цела памірае, душа (гэта значыць энергетычнае цела і Дух) пэўны час застаецца ў свеце энергіі, а потым нараджаецца ў новым целе. Час і месца новага народжання не залежаць ад жадання чалавека, а вызначаюцца законамі Прыроды, якія скіроўваюць яго туды, дзе ёсць найлепшыя ўмовы для яго развіцця. Духоўнай дэградацыі не бывае; дасягненні кожнага жыцця дадаюцца да дасягненняў жыццяў папярэдніх. Перараджэнні працягваюцца датуль, пакуль чалавек не набудзе дастаткова досведу і не ўдасканаліць свой Дух настолькі, наколькі можна. Тады адбываецца вяртанне часціцы Духа, цяпер ужо больш высокага ўзроўню, у свет Духа.

1.11 Чалавек — часціца Творцы, і дасканалячы сябе, ён дасканаліць Творцу. Гэта адбываецца праз маральны выбар, які робіцца магчымым дзякуючы спазнанню і свабодзе волі. Таму чалавек павінен спазнаваць і намагацца весці маральнае жыццё. Трэба змагацца са сваімі заганамі, перамагаць іх і выпрацоўваць у сабе добрыя якасці. Менавіта так дасканаліцца Дух. Таму маральнасць важней усяго. Трэба вучыцца любіць людзей і ўсё існае, трэба запамагаць грамадству і намагацца зрабіць свет лепш. Трэба выконваць Вялікую Належнасць: менавіта ў гэтым заключаецца сэнс жыцця. Няможна забываць, што на кожным з нас ляжыць асабістая адказнасць за лёс Творцы.

1.12 Чалавецтва існуе, каб выконваць Вялікую Належнасць. Для гэтага яно спазнае свет і дасканаліцца інтэлектуальна, маральна, сацыяльна. Адбываецца натуральны працэс зліцця народаў. З часам яны стануць адзіным народам, з адзінай культурай, адзіным светапоглядам і адзінай агульналюдскай дзяржавай. Чалавецтва ў сваім патэнцыяле — касмічная раса. Людзі выйдуць у далёкі космас, будуць асвойваць і засяляць іншыя планеты. Чалавецтва ўступіць у кантакт з іншымі разумнымі расамі, са шмат з якімі яно будзе злучана адзіным светапоглядам. Паўстане супрацоўніцтва з імі на аснове супольнага выканання Вялікай Належнасці. Калі чалавецтва дасягне максімальнага ўзроўню развіцця, яно спыніць сваё існаванне, бо яго заданне будзе выканана, і людзі пяройдуць у свет Духа.


Частка 2

Наша вучэнне

2.1 Вучэнне Адзінага Храма — не рэлігія. Яно не прызнае існавання звышнатуральных сіл і з’яў, не практыкуе пакланення чаму-небудзь, не мае культу, святыняў і святых, малітваў, містычных таемстваў і іншых атрыбутаў рэлігіі. Яно з’яўляецца духоўным шляхам, заснаваным на ведах і маральных прынцыпах. Пад храмам у яго назве маецца на ўвазе свет, у якім мы жывём, Прырода, Сусвет. Трэба ўспрымаць іх гэтак і намагацца паводзіць сябе адпаведна.

2.2 Чалавецтва зазнае сур’ёзныя цяжкасці са спазнаннем і маральным развіццём. Таму Прырода аказвае яму дапамогу праз аднаго з вышэйшых элементалаў, якога мы называем Богам Мудрасці. Гэта той, хто выконвае функцыю захавальніка ўсёй інфармацыі пра Сусвет. Ён перадае некаторыя веды разумным расам, што адчуваюць падобныя цяжкасці, і тым самым стымулюе іх развіццё, дапамагаючы ім не загаснуць. Чалавецтва за сваю гісторыю, якая ў рэчаіснасці значна больш працяглая, чым прынята лічыць, атрымлівала ад яго дапамогу дваццаць шэсць разоў. Гэтыя інфармацыйныя пасылы мы завем шчыротамі, а людзей, якія прымалі іх непасрэдна ад Бога Мудрасці, — прарокамі. Такім чынам, Вучэнне прыходзіла ў наш свет ужо неаднаразова, у перыяды глыбокіх крызісаў. Пры гэтым яно заўсёды заставалася здабыткам вузкага кола прысвечаных, распаўсюджваючыся ўскоснымі, апасродкаванымі шляхамі. У яго заданні ўваходзіла не абвясціць Ісціна адкрыта, а толькі скіраваць людзей да яе. Выканаўшы заданне, яно кожны раз знікала.

2.3. Цяперашняя, дваццаць сёмая шчырота, з’яўляецца асаблівай, — таму што асабліва цяжкай з’яўляецца сітуацыя. Чалавецтва зноў знаходзіцца ў духоўным і маральным крызісе, і пры гэтым яно ўпершыню ў сваёй гісторыі валодае сродкамі для таго, каб цалкам знішчыць сябе. Таму цяпер Вучэнне прызначана для ўсіх людзей. Яно перадаецца адкрыта і мае больш інфармацыі, чым папярэднія шчыроты. Гэтая шчырота з’яўляецца апошняй: больш іх не будзе.

2.4 Вучэнне заснавана прарокам Атархатам 1 сакавіка 1996 года. Прарок — кіраўнік Вучэння і вышэйшы аўтарытэт ува ўсіх звязаных з ім пытаннях. У гэтых пытаннях яго меркаванне і яго ўсталяванні не могуць быць аспрэчаны, бо ён звязаны з крыніцай шчыроты. Зборам асноватворных тэкстаў Вучэння з’яўляецца пандэкт «Эрма». Ён не можа пісацца нікім, апроч прарока, і ўваходныя ў яго тэксты не падлягаюць змене. Пандэкт — галоўная крыніца Вучэння, нараўне з жывым словам прарока.

2.5 У аснове жыцця Вучэння ляжыць прынцып Настаўніцтва. Кожны паслядоўнік з’яўляецца вучнем, які атрымлівае веды ад Настаўніка. Ён павінен шанаваць Настаўніка і цалкам давяраць яму. Настаўнік павінен перадаваць вучням веды, вучыць ужываць іх у жыцці, тлумачыць незразумелыя для іх моманты Вучэння, пры патрэбе дапамагаць парадамі ў складаных жыццёвых сітуацыях, а таксама быць для вучняў прыкладам у прытрымліванні Вучэнню. Ён абавязаны рабіць усё магчымае для таго, каб яго вучні маглі спазнаваць Вучэнне і духоўна развівацца, і не можа патрабаваць ці чакаць ад іх узнагароды за гэта.

2.6 Уступіць у Вучэнне можа кожны прытомны чалавек, які дасягнуў узросту ў 21 год. Яго вырашэнне пра ўступ павінна быць абдуманым і дабравольным. Той, хто ўступае, павінен мець уяўленне аб светапоглядзе Вучэння, разумець яго мэты і прынцыпы і прымаць іх як свае. Пры ўступе не даецца ніякіх клятваў і абавязанняў, — толькі пацвярджаецца цвёрды намер прытрымлівацца абранага шляха. Сыход з Вучэння адбываецца вольна, без якіх-небудзь умоў і перашкодаў.

2.7 Паслядоўнік павінен выконваць прынцып чысціні шляху. Няможна сумяшчаць прытрымліванне Вучэнню з прытрымліваннем іншым духоўным шляхам і прыўносіць у яго іх элементы. Гэта парушыць цэласць шляху і зробіць яго непрыдатным для духоўнага развіцця. Аднак азнаямленне з іншымі духоўнымі шляхамі паслядоўнікам Вучэння не забараняецца, а наадварот, рэкамендуецца.

2.8 У Вучэнні няма абавязковых грашовых унёскаў. Паслядоўнікі не абавязаны рабіць ахвяраванні, не абавязаны купляць нешта, што адносіцца да Вучэння. Яны таксама не абавязаны браць удзел у справах Вучэння, прапагандаваць яго, прыцягваць новых паслядоўнікаў. Ад іх патрабуецца толькі разумець Вучэнне, і чакаецца, што яны будуць намагацца прытрымлівацца яго прынцыпам.

2.9 У Вучэнні няма адмыслова распрацаваных практык па духоўным развіцці. Лепшая і найболей эфектыўная ў гэтым сэнсе практыка — правільнае жыццё. Трэба спазнаваць Ісціну і вучыцца жыць у адпаведнасці з ёй, трэба весці маральнае жыццё і намагацца быць карысным людзям і свету. Вучэнне не загадвае і не забараняе; яно расказвае, што правільна, а што не, і тлумачыць, чаму. Калі паслядоўнік сапраўды імкнецца спазнаць Ісціну і навучыцца прытрымлівацца ёй, ён будзе сам падахвочваць сябе да таго, што правільна, і не дазваляць сабе таго, што няправільна.

2.10 Вучэнне — наднацыянальная супольнасць, што аб’ядноўвае ў сабе людзей з розных народаў. Да яго належаць не толькі тыя паслядоўнікі, якія жывуць у свеце матэрыі, але і тыя, якія знаходзяцца ў свеце энергіі паміж перараджэннямі. Яно таксама з’яўляецца светапоглядам многіх разумных рас у Сусвеце, — гэта значыць яно ёсць супольнасць не толькі наднацыянальная, але і надвідавая. Усе яго паслядоўнікі — людзі і іншыя ўсведамляючыя, змешчаныя ў свеце матэрыі і ў свеце энергіі — лічаць сябе адзіным народам, што носіць назву Вечны Народ.

2.11 Вучэнне не супярэчыць навуцы. Усё, аб чым яно расказвае, рэальна, і не мае містыкі. Навука пакуль яшчэ не валодае сродкамі і магчымасцямі, якія дазваляюць адкрыць і вывучыць тое, аб чым яно кажа. Аднак з часам такія сродкі і магчымасці будуць з’яўляцца. Навука будзе здзяйсняць адкрыцці, якія будуць пацвярджаць, што светапогляд Вучэння адпавядае рэальнасці. Надалей навука і Вучэнне з’яднаюцца ў адзін шлях спазнання.


Частка 3

Нашы перакананні

3.1 Існуе натуральная мараль, агульная для ўсіх людзей. Яна мае сваёй крыніцай Дух і з’яўляецца, па сутнасці, мараллю самога Творцы. Яна першапачаткова закладзена ў кожнага чалавека, бо асновай чалавечай душы з’яўляецца часціца душы Творцы.

3.2 Паколькі дасканаленне Духа дзеіцца праз маральнае жыццё, асабліва важна прытрымлівацца маральных нормаў. Гэта робіць лепш самога чалавека і наш свет. Трэба пераадольваць свае заганы, устрымлівацца ад амаральных учынкаў. Трэба дапамагаць у гэтым іншым людзям, — хаця б уласным прыкладам. Трэба змагацца з амаральнасцю ў грамадстве, таму што яна разбурае яго, ломіць жыццё людзям, тармозіць іх духоўнае развіццё, спараджае распушчанасць і злачыннасць, робіць наш свет небяспечным месцам.

3.3 Барацьба — не ёсць нешта непажаданае і надзвычайнае, але ёсць натуральны стан чалавека. Мы пастаянна змагаемся з нечым ці за нешта. Кожны чалавек па сваёй сутнасці — ваяр. Аднак гэта не азначае агрэсіўнасці. Барацьба можа быць мірнай і без нянавісці. Як мінімум, мы змагаемся са сваімі заганамі і горшымі якасцямі, и змагаемся супраць таго, што дрэнна для нас. Таму пазбегнуць барацьбы немагчыма. Гэтую непазбежнасць трэба прыймаць як данасць. Галоўнае — імкнуцца змагацца за тое, што правільна і справядліва. Такая барацьба дасканаліць чалавека, гэтак он дужэе и лепшае.

3.4 Чалавек вольны ў сваіх рашэннях і ўчынках. Ніхто не можа ні да чаго яго прымусіць, калі ён сам не дазволіць гэтага. Калі б было не так, у існаванні чалавека не было б сэнсу, таму што вольны маральны выбар — найважны інструмент духоўнага развіцця. Без яго было б немагчыма дасканаліць Творцу. Няма і прадвызначэння будучыні. Мы самі вырашаем свой лёс.

3.5 Чалавек жыве і развіваецца, ён адчувае няўладжанасць, сутыкаецца з перашкодамі, перажывае няшчасці і страты, і ад гэтага пакутуе. Пакуты натуральныя. Яны неадымная частка жыцця і развіцця, іх нельга пазбегнуць цалкам, і няма сэнсу імкнуцца да гэтага. Праблемы і цяжкасці — такая ж натуральная частка жыцця. Пераадольваючы праблемы, цяжкасці і пакуты, мы дасканалімся. Яны ёсць важны эвалюцыйны фактар, і ставіцца да іх трэба менавіта так.

3.6 Смерць — не канец чалавечага жыцця. Памірае толькі фізічнае цела, а сам чалавек пэўны час застаецца ў свеце энергіі, пасля чаго нараджаецца зноў. Таму не варта баяцца смерці як чагосьці самага страшнага і непапраўнага. Трэба помніць, што тваё бягучае жыццё — толькі эпізод, звяно ў доўгім ланцужку перараджэнняў. Калі яно азмрочана вялікімі бедамі, стратамі і пакутамі, то ўсе яны часовыя, і ў наступным жыцці ўсё будзе інакш. Нельга адчайвацца і лічыць, што ўсё страчана. Трэба выкарыстоўваць праблемы як магчымасць для развіцця ў гэтым жыцці.

3.7 Цела не мае самастойнай каштоўнасці. Яно толькі матэрыяльная абалонка душы, інструмент, з дапамогай якога яна дасканаліцца. Таму няправільна ставіць інтарэсы і дабрабыт цела вышэй за маральныя прынцыпы і дасканаленне душы. Унутранае важнейшае за вонкавае. Да цела варта ставіцца як да каштоўнага інструменту, які захоўваюць і які даглядаюць, але не ў шкоду задачам, для выканання якіх ён створаны.

3.8 Духоўнасць не абавязкова тое ж, што рэлігія. Духоўныя каштоўнасці ствараюцца праз мастацтва, філасофію, этыку, навуковае спазнанне, і гэтак далей. Духоўнасць — гэта тое, што адносіцца да дасканалення Духа, спрыяе гэтаму працэсу. Яна звязаная з Вялікай Належнасцю. Для таго, каб паспяхова яе выконваць, рэлігія не патрэбная.

3.9 Кожнае вучэнне ці рэлігія мае права лічыць сябе сапраўдным. Гэта натуральна, бо кожная вучэнне з’яўляецца спробай знайсці Ісціну. Быць перакананым у тым, што абраны табой духоўны шлях адзіна верны, не значыць праяўляць непавагу да чужых шляхоў. Аднак крытыка іншых духоўных шляхоў магчымая і нармальная. Гэта духоўны плюралізм, які павінен будавацца на прынцыпах узаемнай павагі і здаровага суперніцтва, і не павінен пераходзіць у варожасць. Які з духоўных шляхоў дакладней адлюстроўвае рэальнасць і з’яўляецца сапраўдным, пакажа час і навуковае спазнанне.

3.10 Усе расы і народы роўныя. Ніводны народ не вышэй іншых і не горш іншых па сваёй сутнасці. Такія з’явы, як расізм, нацыянальны шавінізм і нацызм недапушчальныя. Усе народы ідуць да паступовага зліцця ў адзін народ, — і штучна падтрымліваць іх падзел, распальваючы міжнацыянальную варожасць, не варта. Мужчына і жанчына роўныя. Палавы шавінізм недапушчальны. Усе людзі роўныя ў асноўных правах.

3.11 Гвалт з’яўляецца злом. Аднак ён дапушчальны для абароны правага і нявіннага, у выпадку абарончай вайны, пры змаганні са злачыннасцю і тэрарызмам і ў іншых падобных выпадках, — гэта значыць тады, калі бяздзейнасць вядзе да яшчэ большага зла і сама па сабе раўнацэнная злачынству. Пры гэтым апраўданы гвалт, нават быўшы меншым злом, усё адно застаецца злом. Яго нельга прыроўніваць да дабра. Той, хто яго здзяйсняе, у кожным разе прымае на сябе віну і маральную адказнасць за зробленае.

3.12 Сусвет — гэта Творца, жывая істота, і таму ўсё ў ёй з’яўляецца жывым і пачутлівым. Неабходна гэта помніць і адпаведным чынам ставіцца да ўсяго, што нас атачае. Трэба асцярожна і паважліва ставіцца да Прыроды, людзей, рэчаў. Гэта натуральнае стаўленне, яно робіць нас саміх лепш, дапамагае пераадолець перашкоды, што адлучаюць чалавека ад Прыроды, дапамагае знайсці сілы, якія яна можа яму даць.

3.13 Сусвет — адзіны арганізм, кожная часціца якога мае патрэбу ў іншых часціцах і можа жыць у гармоніі з імі. Мы павінны імкнуцца да ўсведамлення адзінства, павінны вучыцца бачыць сябе ўва ўсім і ўсё ў сабе. Гэта тая глеба, на якой вырастае любоў да людзей, свету, Сусвету.

3.14 Ненавідзець нельга, бо нішто не заслугоўвае нянавісці. Усё ў існасці сваёй ёсць дабро. Нават зло, ствараючы перашкоды для развіцця Быцця, Творцы і чалавека, тым самым дапамагае іх развіццю. Усе людзі ў існасці сваёй добрыя. Яны могуць чыніць зло, — але гэта вонкавае; унутры ж усе без выключэння добрыя, бо ўтрымваюць у сабе часціцы душы Творцы. Калі чалавек чыніць зло, то гэта больш бяда яго, чым віна, і ён заслугоўвае не нянавісці, а спагады і дапамогі ў пераадоленні яго горшых якасцяў.

3.15 Чалавек цяпер з’яўляецца вяршыняй эвалюцыі на нашай планеце, — аднак гэта не азначае, што ён павінен панаваць над Прыродай. Свет існуе не для таго, каб служыць чалавеку і задавальняць яго капрызы. Наадварот: чалавек існуе для таго, каб працаваць на карысць свету, рабіць яго лепш, дасканаліць Сусвет. Ён можа карыстацца дабротамі, якія атрымлівае ад Прыроды, але не па-драпежніцку. Каб мець маральнае права на гэтыя даброты, ён павінен выконваць сваё прызначэнне.

3.16 Эгаізм не павінен мець месца. Чалавек — не цэнтр Светабудовы, усё не круціцца вакол яго. Ён існуе для таго, каб служыць свету. Інтарэсы людзей, свету, Сусвету павінны быць для чалавека важней яго асабістых зацікаўленняў. Калі дзеіцца наадварот, тады і ўзнікае эгаізм, — адна з самых ненатуральных і горшых з’яў. Менавіта эгаізм найчасцей прыводзіць да абыякавасці, сквапнасці, варожасці, гвалту і іншых падобных з’яў, што робяць свет месцам пакут. Гэта дзеецца таму, што чалавек, які робіць насуперак сваёй існасці, перастае быць чалавечным.


Частка 4

Нашы мэты

4.1 Першае і асноўнае заданне Вучэння — дапамога людзям у спазнанні Ісціны. Яно дае веды, якія пакуль яшчэ не ў стане даць навука. Мы будзем намагацца шырыць гэтыя веды і тлумачыць вынікаючыя з іх прынцыпы. Пры гэтым мы лічым, што навязванне недазволена, — нават калі гаворка ідзе пра Ісціну, і нават калі ад гэтага залежыць лёс чалавецтва. Мы прапануем Ісціну, але не прымушаем яе прымаць.

4.2 Мы перакананы, што мэта не апраўдвае сродку. Добрую справу трэба рабіць добрымі метадамі. Злачыннымі і амаральнымі метадамі скажаюцца самыя добрыя намеры і перакрэсліваюцца самыя высакародныя мэты. Прымус, хлусня, рознага роду падман, подкуп, маніпуляцыі, парушэнне абавязанняў і іншыя падобныя прыёмы мы лічым недапушчальнымі і не ўжываем.

4.3 Асвета і змена да лепшага ўсяго свету — вельмі складаная справа. Яна патрабуе працяглага часу. Таму мы не спяшаемся, не ўсталёўваем сабе сціснутых тэрмінаў, не фарсуем падзеі праз прыняцце сумнеўных вырашэнняў. Мы будзем цярпліва і старанна рабіць сваю працу, мяркуючы, што гэта зойме дзясяткі і нават сотні гадоў.

4.4 Вучэнне прынцыпова не лічыць нікога сваім ворагам і не лічыць сябе нічыім ворагам. Нянавісць і варожасць для нас непрымальныя, — нават у выпадку суперніцтва ці якога-небудзь супрацьстаяння. Нават калі нехта будзе ставіцца да нас варожа, мы не будзем лічыць яго сваім ворагам.

4.5 Вучэнне ставіць сабе мэтай змаганне з амаральнасцю, эгаізмам, агрэсіўнасцю, міжнацыянальнай варожасцю і іншымі адмоўнымі з’явамі, што бураць грамадства і пагражаюць існаванню чалавечай цывілізацыі. Грамадства павінна быць заснавана на прынцыпах натуральнай маралі, свабоды волі і справядлівасці.

4.6 Вучэнне ставіць сабе мэтай асветніцкую дзейнасць, дзейнасць у сферы адукацыі, навукі, культуры і мастацтва, у іншых абласцях грамадскага жыцця, а таксама ў сферы аховы прыроды. Дзейнасць Вучэння ва ўсіх гэтых абласцях будзе разгортвацца паступова, па меры з’яўлення магчымасцяў і сродкаў.

4.7 Вучэнне будзе спрыяць натуральнаму зліццю ўсіх рас і нацый і з’яднанню чалавецтва ў адзіны народ. Гэта павінна прывесці да ўзнікнення новай, агульналюдскай культуры, якая ўбярэ ў сябе лепшыя рысы ранейшых культур. Такое зліццё паслужыць асновай для спынення войн, рознага роду міжнацыянальных і міжкультурных канфліктаў, дапаможа людзям з’яднаць высілкі ў спазнанні свету і развіцці чалавечай цывілізацыі.

4.8 Мы не сумняемся ў тым, што Вучэнне ў будучыні стане светапоглядам адзінага чалавецтва. Гэта адбудзецца мірным шляхам, без агрэсіўнага навязвання і прымусу, і будзе дасягнута шмат у чым дзякуючы таму, што сапраўднасць Вучэння будзе неабвержна даказана навукай. Калі чалавецтва будзе гатова да гэтага, паўстане агульнасусветная дзяржава, пабудаваная на прынцыпах Вучэння.

4.9 Вучэнне будзе спрыяць асваенню людзьмі касмічнай прасторы, рассяленню чалавецтва ў космасе, наладжанню адносін і супрацы з іншымі ўсведамляючымі. Яно стане яднальным фактарам не толькі для самога чалавецтва, якое расселіцца па многіх зорных сістэмах, але і для чалавецтва і іншых разумных рас.

4.10 Канчатковая мэта Вучэння — спрыяць дасканаленню Творцы і ўмацаванню жыцця Быцця. Усё, да чаго мы імкнемся, і ўсё, што мы робім, у выніку скіравана на гэта. Усё вялікае складаецца з малога. Ажыццяўленне гэткіх маштабных задач складаецца з думак, пачуццяў, учынкаў, імкненняў і працы кожнага чалавека. Таму кожны чалавек мае значэнне, ён важны і патрэбны Сусвету. Калі людзі зразумеюць сваё прызначэнне, яны здолеюць выканаць яго.


Заключэнне

Вучэнне — шырокая і глыбокая светапоглядная сістэма, што датычная да ўсіх сфер жыцця, і дадзеная Дэкларацыя не з’яўляецца поўным яго выкладам. У ёй максімальна каротка апісаныя толькі яго асноўныя моманты, што даюць магчымасць скласці аб ім ўяўленне ў агульных рысах. Мы хочам, каб усё гэта было прынята да ўвагі тымі, хто ведае аб існаванні Вучэння і даведаецца пра яго ў будучыні, будзе фармаваць сваё стаўленне да яго, пажадае супрацоўнічаць з ім ці будзе як-небудзь з ім сутыкацца.


Вучэнне Адзінага Храма
IX.IX.VII.VIII
(10.06.2020)

Пераклад Амсана