Аб Вучэнні #
Всё пачынаецца з Быцця. Гэта бязмежная прастора, бясконцая ў часе, у якой існуе ўсё існуючае. Быццё дае ўсяму жыццё. Для гэтага яно павінна жыць само (толькі тады змогуць жыць і ўсе яго часціцы); а каб жыць, яму трэба развівацца. У ім прысутнічае імпульс да разбурэння, які, тэарэтычна, мог бы знішчыць усё Быццё. Каб гэтага не адбылося, Быццё супраціўляецца разбуральнаму імпульсу, эвалюцыянуе, удасканальваецца, каб быць мацнейшым за яго. Дзякуючы гэтай барацьбе, якая падштурхоўвае эвалюцыю, Быццё атрымлівае магчымасць існаваць, і ўсе яго часціцы атрымліваюць магчымасць жыць. Яны таксама развіваюцца, бо ў іх таксама прысутнічае згаданы разбуральны імпульс. Агульная эвалюцыя Быцця складаецца з сумарнай эвалюцыі яго часціц. Яны падтрымліваюць яго існаванне як асяроддзе свайго пражывання, а яно, у сваю чаргу, забяспечвае ім прастору для жыцця, субстанцыю, з якой яны складаюцца, ды і саму жыццёвую сілу.
Наш Сусвет не бязмежны. Ён — адна з такіх часціц Быцця, і ён удзельнічае ва ўсеагульным працэсе эвалюцыі. Сусвет — жывая і разумная істота, якую мы называем Творцам. Творца пражывае ў сваім свеце (г. зн. у сваім Сусвеце), развіваючыся, пазнаючы свет і сябе. У пэўны момант ён усвядоміў, што яго пазнанне свету зайшло ў тупік і не прасунецца далей, пакуль ён не пазнае самога сябе больш глыбока і не зменіцца. Тады ён перабудаваў свой арганізм (яго ўзровень эвалюцыі гэта дазваляе), паклаўшы пачатак таму, што мы цяпер ведаем як наш Сусвет. Гэта жывы арганізм Творцы, у якім мы пражываем як яго паўнапраўныя часціцы. Такія істоты, як людзі, называюцца «ўсведамляючыя», бо ў адрозненні, напрыклад, ад жывёл, раслін і мінералаў здольныя пазнаваць навакольны свет, рабіць высновы, асэнсоўваць атрыманую інфармацыю, творча яе прымяняць для дасягнення свядома пастаўленых мэтаў, рабіць маральны выбар. Усведамляючыя ўзнікаюць дзякуючы эвалюцыі, якую Творца запусціў у момант свайго пераўтварэння ў Сусвет. У ёй шмат разумных рас; чалавецтва — толькі адна з іх. Калі Творца стаў Сусветам, ён перастаў асэнсоўваць сябе. Яго сучасны стан нагадвае сон. Але яго розум, свядомасць, пачуцці і якасці праяўляюцца праз усведамляючых. Яны пазнаюць свет і сябе — і з іх сумарнага пазнання складаецца самапазнанне Творцы. Пазнаючы, яны вучацца адрозніваць дабро і зло і рабіць маральны выбар. Робячы выбар на карысць дабра, кожны ўсведамляючы ўдасканальвае часціцу душы Творцы, якая знаходзіцца ў ім, павышае яе якасць. Калі Творца такім чынам, праз усведамляючых, пройдзе поўны цыкл самапазнання і ўнутранага ўдасканалення, тады ён адчуе новае пераўтварэнне і апынецца на новай, больш высокай ступені сваёй эвалюцыі.
Тут варта зрабіць неабходную заўвагу. Вучэнне Адзінага Храма — не рэлігія. Яно не прызнае нічога звышнатуральнага. Творца — не ўсемагутны Бог, не звышнатуральная істота, а проста вельмі высокаразвітая. Тое, як ён пераўтварыў свой арганізм у Сусвет, зусім не цудоўны акт стварэння па ўласным жаданні вышэйшай сілы, а ажыццяўленне магчымасцей, набытых ім у ходзе невымоўна доўгай эвалюцыі. Такой ёсць яго біялогія. І законы, усталяваныя ім у Сусвеце, — гэта некалькі мадэрнізаваныя ім законы свету, у якім ён пражывае.
Людзі — адна з разумных рас Сусвету. Яны — усведамляючыя, і мэтай іх існавання з’яўляецца пазнанне і ўдасканаленне Творцы. Гэта мэта як усяго чалавецтва ў цэлым, так і кожнага чалавека ў асобнасці. Кожны з нас нясе ў сабе часціцу душы Творцы. Праз пазнанне рэальнасці і ажыццяўленне маральнага выбару чалавек удасканальвае гэтую часціцу — часціцу асобы Творцы, якая цяпер становіцца асновай яго асобы. У гэтым заключаецца наша прызначэнне, вышэйшы сэнс чалавечага жыцця. Таму самае важнае — навучыцца жыць правільна, маральна, — гэта значыць у адпаведнасці з натуральнымі законамі. Бо ў Творцы, як і ў кожнай часціцы Быцця, прысутнічае імпульс разбурэння. Таму прысутнічае ён і ў чалавеку. Ён праяўляе сябе як найгоршыя чалавечыя якасці, заганы. Гэта тое, што ідзе супраць натуральных законаў і нясе патэнцыял разбурэння, небяспечнага для чалавека, грамадства, Сусвету. Наша задача — пазнаваць, што правільна, а што не, і змагацца з усім няправільным і разбуральным у сабе і вакол сябе, адначасова выхоўваючы ў сабе станоўчыя якасці. Гэта тая ж барацьба, якую вядзе Быццё — толькі на ўзроўні чалавека. Паспяхова вядучы гэтую барацьбу, мы ўдасканальваем сябе і Творцу. Каб максімальна павысіць якасць наяўнай у чалавеку часціцы душы Творцы, патрабуецца шмат часу. Аднаго жыцця недастаткова. Таму калі цела памірае, душа аддзяляецца ад яго і некаторы час існуе ў свеце энергіі (г. зн. на энергетычным узроўні Сусвету), пасля чаго нараджаецца ў новым целе і працягвае сваё развіццё. Гэта адбываецца, пакуль у развіцці не будзе дасягнуты мяжы — гэта значыць, пакуль не будзе рэалізаваны ўвесь патэнцыял чалавека, усе яго магчымасці для ўдасканалення і творчай дзейнасці. Тады перараджэнні спыняюцца, і яго душа зліваецца з іншымі душамі, якія завяршылі шлях развіцця. Прычым з душамі не толькі людзей, але і іншых усведамляючых, з усіх куткоў Сусвету. Так фармуецца абноўленая, больш дасканалая душа Творцы. Калі ўсе яе часціцы пройдуць гэты цыкл і ўз’яднаюцца, сальюцца разам у новай, больш высокай якасці, тады Творца зазнае ператварэнне, эвалюцыйны скачок, пра які ішла гаворка вышэй.
Мы не самі па сабе. Жыццё чалавека — гэта часціца жыцця Творцы, а жыццё Творцы — гэта часціца жыцця Быцця. Мы датычныя Творцы, і мы датычныя бязмежнага і вечнага Быцця. Наша барацьба са злом — гэта нічога іншага, як праява яго барацьбы з імпульсам разбурэння. Таму так важна пазнаваць аб’ектыўную рэальнасць, умець адрозніваць дабро і зло, старацца дзейнічаць правільна, вучыць любіць усіх і ўсё існуючае. Уменне рабіць правільны выбар і ажыццяўленне правільных, маральных учынкаў — менавіта тое, што робіць нас лепшымі і больш дасканалымі, а праз нас — і Творцу. А праз яго — само Быццё. Так мы ўмацоўваем яго, праз сваю барацьбу робім яго мацнейшым у яго барацьбе з пагрозай поўнага разбурэння. На нас ляжыць вялікая адказнасць. Ад нас залежыць будучыня Творцы. І тое, што мы робім добрага, — гэта наш уклад у будучыню Быцця. Дзейнічаючы правільна, годна, як належыць людзям, мы ўмацоўваем жыццё вялікага бязмежнага Быцця. Гэта значыць, па сутнасці, дорым жыццё ўсяму, што ў ім ёсць. Усім, што існуе ў нашай Сусвеце, і па-за яго межамі, і ў іншых Сусветах, і ў такіх далячынях бясконцасці, якія мы нават не можам уявіць. Уявіць не можам, а дарыць ім жыццё можам. Як і насельнікі гэтых невымоўных далячыняў дораць жыццё нам. Усё ўзаемазвязана і ўзаемазалежна. Кожны чалавек — нітка ў жывой тканіне Быцця. І гэтая нітка мае значэнне.